«Таямніцы полацкай гісторыі »

- 4 -

Апошнім часам пераважае меркаванне, што «крывічы» — гэта агульная назва вялікага саюза плямёнаў куды апрача полацкіх уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. Звернем увагу на тое, што найстаражытнейшыя летапісы падзяляюць славян на дзве вялікія групы: у адных назва мае суфіксы «ан — ян» (паляне, дзераўляне, севяране, бужане), у другіх— «іч» (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, люцічы). Летапісы паведамляюць, што назвы радзімічаў і вяцічаў паходзяць ад уласных імён князёў — Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы мелі Драгавіта (Дрыгавіта), люцічы — Люта. Падобная аснова, найверагодней, закладзеная і ў назве крывічоў Іх родапачынальнікам або князем мог быць Крыў, імя якога перайшло пазней на цэлае аб’яднанне плямёнаў.

Ад крывічоў ідзе радавод беларускага народа, пачынаецца гісторыя нашай дзяржаўнасці і культуры. Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч, прааналізаваўшы першакрыніцы, археалагічныя, лінгвістычныя ды іншыя дадзеныя, прыйшоў да высновы: «Крывічы побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым тттматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяліліся, а менавіта: ад верхняга (а магчыма, і сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да верхняга Сожа і Дзясны». М. Ермаловіч падтрымаў і развіў гіпотэзу, упершыню прапанаваную ў 1920-я гады выдатным дзеячам беларускага адраджэння, пакутнікам нацыянальнай ідэі Вацлавам Ластоўскім. Паводде яго, да стварэння Полацкага княства існавала Вялікая Крывія — ад Заходняй Бярэзіны да ракі Дзітвы на поўдні і да Віліі на поўначы, уключаючы мясціны, дзе пазней выраслі Крэва і Вільня і дзе сканцэнтраваныя крывіцкія тапонімы.

Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацкакрывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійскакрыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

- 4 -